Беларускім студэнтам – беларускія сшыткі!
17 лістапада з нагоды Міжнароднага дня студэнтаў на сядзібе Партыі БНФ у Менску кожны студэнт зможа атрымаць сшытак з патрыятычнымі выявамі ў падарунак.

Моладзь БНФ будзе раздаваць сшыткі на 48 аркушоў з "Пагоняй" ды споклічам "Будзь беларусам, будзь пераможцам!", з беларускімі шасьціканцовымі крыжамі, з традыцыйным беларускім арнамэнтам (у клетку). Сшыткі будуць раздавацца бязвыплатна па прад'яўленьні залікоўкі альбо студэнцкага білету.

Акцыя пачнецца ў чацвер 17 лістапада і будзе доўжыцца да вычарпаньня набору сшыткаў. Офіс Партыі БНФ адчынены з 10 да 20 гадзінаў ад панядзелка па пятніцу. Мапа даезду да сядзібы БНФ, тэлефон сядзібы: (017) 284 50 12.
Гісторыя Міжнароднага дня студэнтаў

У 1939 годзе у Чэхіі, якая была акупаваная нацыстамі, падчас разгону дэманстрацыі з нагоды 21-й гадавіны абвяшчэньня Чэхаславацкай Рэспублікі быў паранены студэнт мэдыцыны Карлавага ўнівэрсытэту Ян Оплэтал, які ў выніку памёр ад агнястрэльнага раненьня. Пахаваньне студэнта прайшло 15 лістапада пад наглядам паліцыі, але з удзелам дзесяткаў тысяч людзей. Дэманстрацыі працягваліся. На наступны дзень пасьля пахаваньня ў Бэрліне прайшла нарада з удзелам Гітлера, на якой ён заявіў: «Загадваю спыніць працу чэскіх ВНУ на тры гады. Любыя дэманстрацыі адразу ж разганяць… Я не пабаюся нават паставіць на вуліцах гарматы. У кожную купку людзей будуць страляць з кулямётаў. Калі адбудзецца яшчэ хоць якая дэманстрацыя, я зраўняю Прагу зь зямлёй…». У выніку ў ноч з 16 на 17 лістапада прайшлі масавыя затрыманьні лідэраў студэнцкага руху. Усе ВНУ былі зачыненыя і перададзеныя нямецкім войскам. У канцлягеры былі кінутыя каля 1200 студэнтаў і выкладчыкаў, а 9 прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацыяў былі пакараныя сьмерцю. Большасьць з затрыманых студэнтаў была вызваленая ў 1942—1943 гг., аднак 35 зь іх ня выжыла ў пакутных канцлягерах.

Але нягледзячы на вайну падзеі ў Пратэктараце Чэхіі і Маравіі 1939 году не забыліся. Праз два гады пасьля трагічных падзеяў 17 лістапада ў Лёндане прайшоў сход прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацыяў 26 краінаў, дзе была падпісаная заява, у якой студэнты адзначылі: «каб ушанаваць памяць пакараных сьмерцю і закатаваных студэнтаў, якія першымі ўзьнялі свой голас на знак нязгоды з нацысцкімі прыгнятальнікамі ў 1939 годзе, абвяшчаем 17 лістапада Міжнародным днём студэнтаў…»
Made on
Tilda