Беларусі патрэбна ўсталяваць бязьвізавы рэжым для грамадзянаў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця ды Эўрапейскага Зьвязу

Заява Рады Моладзі БНФ
Рада Моладзі БНФ перакананая, што наяўнасьць візавага рэжыму для грамадзян найбольш эканамічна развітых і бяспечных з міграцыйнага пункту гледжаньня краінаў зьяўляецца адным з самых нэгатыўных перажыткаў "савецкага мінулага" ў Беларусі, які наўпрост супярэчыць яе дзяржаўным інтарэсам, а менавіта:

- адмоўна ўплывае на інвэстыцыйную прыцягальнасьць Рэспублікі Беларусь;

- зьмяншае яе турыстычны патэнцыял;

- замінае разьвіцью эканамічных, сацыяльных, культурных сувязяў нашай дзяржавы з цывілізаваным сьветам;

- спрыяе падтрыманьню іміджа Беларусі як закрытай, слаба пазнавальнай і малацікавай для грамадзян разьвітых краін тэрыторыі.

У сувязі з вышэйпададзеным, мы ўспрымаем у якасьці пазытыўных сыгналаў разуменьня неабходнасьці вырашэньня гэтай насьпелай праблемы з боку некаторых дзяржаўных ворганаў Беларусі

- усталяваньне бязвізавага парадку ўезда, выезда і часовага побыту замежных грамадзянаў на тэрыторыі Нацыянальнага парку "Белавеская пушча", турысцка-рэкрэацыйнага парку "Аўгустоўскі канал" і прылягаючых да яго мясьцінах, уключна з г. Гародня;

- прапанову Нацыянальнага агенства інвестыцый і прыватызацыі аб увядзеньні бязвізавага рэжыму для грамадзянаў краін, якія зьяўляюцца асноўнымі інвестарамі Беларусі;

- перадачу Міністэрствам спорту і турызму на разгляд у Савет міністраў дакумэнта аб увядзеньні бязвізавага рэжыму для турыстаў з 80 краінаў, якія прыбываюць у Беларусь праз аэрапорт "Менск".

Разам з тым, мы вымушаныя канстатаваць, што і ўведзеныя, і заплянаваныя меры зьяўляюцца абсалютна недастатковымі ды скрайне абмежаванымі. Права бязвізавага побыту ў Беларусі на працягу 3-5 дзён пры абавязковай умове перасячэньня мяжы ў пэўных месцах і пэўным спосабам, амаль ніяк не спрыяе пераадоленьню нэгатыўных наступстваў "візавай самаізаляцыі" нашай дзяржавы.

Улічваючы ўсё гэта, Рада Моладзі БНФ заклікае кампетэнтныя дзяржаўныя ворганы Рэспублікі Беларусь неадкладна распачаць працу па ўвядзеньні бязьвізавага рэжыму з боку Беларусі для грамадзянаў найбольш разьвітых краінаў сьвету – сябраў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (на долю 35 краінаў АЭСР прыходзіцца каля 60% сусьветнага ВУП) і Эўрапейскага Зьвязу. Мы ўпэўненыя, што толькі такая кардынальная мера зможа пазытыўна паўплываць на эканамічнае становішча краіны за кошт росту замежных інвестыцый і прыбыткаў ад турызму, а таксама паспрыяць паляпшэньню міжнароднага іміджу Беларусі ды наблізіць перспектывы безвізавага рэжыму з разьвітымі краінамі для грамадзянаў Беларусі.

07.01.2017 Мінск
Made on
Tilda