Кароль Міндоўг: ці будзе вуліца яго імя?
У пачатку 2017 года Моладзь БНФ абвясціла гэты год – годам ВКЛ. 6 ліпеня 1253 года адбылася каранацыя Міндоўга, які заклаў падмурак для адной з найвялікшых дзяржаў Еўропы – Вялікага Княства Літоўскага. На нашу думку, гэта дата з'яўляецца адной з важных падзей у нашай гісторыі, і мы ўпэўнены, што пры прабеларускай уладзе гэтая дата будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні.

Міндоўг па праву лічыцца знакавай фігурай у беларускай гісторыі, але на сённяшні дзень ён не ўшанаваны на тым узроўні, які належыць чалавеку такога маштаба, і гэта з'яўляецца не самым лепшым паказчыкам у развіцці нацыянальнай самасвядомасці. Таму мы, актывісты Моладзі БНФ, пачынаем ініцыятыву за наданне адной з вуліц у горадзе Мінску – сталіцы сучаснай Рэспублікі Беларусь і Наваградку – першай сталіцы ВКЛ імя караля Міндоўга, што будзе з'яўляцца маленькім, але значным крокам па ўшанаванню яго памяці.

Зусім нядаўна ў сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў Полацкае княства, ВКЛ, БНР і заявіў, што гэта з'яўляецца неад'емнай часткай беларускай гісторыі, але колькі тых жа вуліц ці помнікаў мы можам назіраць у гарадах Беларусі дзеячам і падзеям гэтага перыяду? Калі лічыць па назвах вуліцаў і колькасці помнікаў, то асноўным дзеячам беларускай гісторыі з'яўляецца Уладзімір Ленін, які ў Беларусі быў толькі праездам. Таму гэтая ініцыятыва з'яўляецца яшчэ і магчымасцю праверыць, наколькі словы нашай улады супадаюць з дзеяннямі.

І сапраўды, у нашых гарадах існуе безліч вуліц, названых у гонар дзеячаў савецкай эпохі, і так мала – перыяду ВКЛ, які з'яўляецца важнай і неад'емнай часткай нашай гісторыі. Мы ўпэўнены, што наша ініцыятыва пакажа сапраўднае стаўленне сённяшняй улады да беларускай гісторыі і нацыянальнай памяці беларусаў, і дзеля гэтага ў нашай петыцыі мы адмыслова патрабуем не пераназваць ужо існуючыя вуліцы, хаця гэта было б лагічна і правільна, а надаць новым вуліцам імя караля Міндоўга, каб улада не змагла адмовіць па "фармальных" прычынах.

Ужо сёння актывісты мінскай і наваградскай гарадской арганізацыі пачнуць збор подпісаў за гэтую ініцыятыву, але мы заклікаем усе прабеларускія арганізацыі і проста неабыякавых людзей далучыцца да гэтай кампаніі, бо гэта наша агульная справа і агульная гісторыя і яна не можа і ніколі не будзе прыватызавацца асобнай арганізацыяй ці асобным чалавекам. Каб далучыцца да кампаніі і дапамагчы са зборам подпісаў, проста напішыце нам на пошту: [email protected] і мы абавязкова адкажам вам.

Made on
Tilda