Моладзь БНФ наведала Талькаўскі фэст - 2016

Кожную першую нядзелю кастрычніка беларускія барды, літаратары і проста прыхільнікі беларускай музыкі і паэзіі збіраюцца на Талькаўскі фестываль. Ён адбываецца ў маляўнічым куточку Беларусі каля вёскі Талька пад Асіповічамі.

На яго з'язджаюцца ўдзельнікі ў асноўным з Мінску і Магілёва, хоць бываюць і госці з іншых рэгіёнаў. Сам фэст праходзіць у надзвычай сяброўскай атмасферы. На палянцы гучаць беларускія спевы, вершы і ўрыўкі з апавяданняў, ладзяцца народныя танцы і гульні. Аматары смачненькага могуць пасмажыць на вогнішчы сала ці назбіраць у лесе грыбоў.

Але самае галоўнае – гэта ні з чым не параўнальнае адчуванне свабоднай прасторы, чыстага вольнага паветра і гэткіх жа людскіх узаемаадносін. Цёплыя сустрэчы і размовы са старымі сябрамі, знаёмства з цікавымі, апантанымі беларушчынай людзьмі і іх творамі, завязванне новых кантактаў – вось асноўная мэта гэтага нефармальнага і нефарматнага фестывалю.

Сёлетні Талькаўскі фэст прайшоў надзвычай файна і цікава. На фестывальнай палянцы сабраліся многія сталыя яго ўдзельнікі, былі і новыя, вельмі таленавітыя музыкі і аўтары. Не падвяло і надвор'е, хоць, трэба сказаць, звычайна ў гэтыя дні самы разгар бабінага лета і заўсёды пагодна.

Магілёў на фестывалі прадстаўлялі Міхась Булавацкі і Таццяна Барысік. Яны адны з тых удзельнікаў, што фактычна і пачыналі Талькаўскі фэст і амаль штогод у ім удзельнічаюць.

Традыцыйна кожнаму выступоўцу ў якасці прыза дастаецца пакет талькаўскіх брусніц – каб застаўся смачны ўспамін, было добрае здароўе і жаданне ў наступным годзе наведаць Тальку. А добры настрой, незабыўныя ўспаміны, чыстае і духмянае восеньска-лясное паветра атрымлівае кожны, хто сюды завітвае.

Прыязжайце на фэст у наступным годзе – не пашкадуеце! Са сваімі вершамі і спевамі, танцамі і гульнямі, проста для адпачынку ці сустрэч з сябрамі на прыродзе, а не "анлайн". Талька чакае!
Паводле 6tv.by
Made on
Tilda