Моладзь БНФ патрабуе ўвядзення адказнасці за адмаўленне існавання Рэспублікі Беларусь

Апошнімі днямі мы з вамі сталі сведкамі гучных затрыманняў адэптаў "рускага свету", якія пісалі прапагандыскія артыкулы на прарасійскіх сайтах, дзе адмаўлялі незалежнасць нашай краіны, існаванне беларускай нацыі і нашай роднай мовы.

Трэба вельмі слушна размяжоўваць свабоду слова і злачынства. Адна справа, калі чалавек выказваецца за (ці супраць) эканамічныя, палітычныя адносіны з якой-небудзь краінай, а іншая справа, калі чалавек адмаўляе існаванне нашай краіны.

Мы, актывісты Моладзі БНФ, патрыёты сваёй краіны, лічым, што адмаўленне існавання нашай краіны, яе незалежнасці, суверэнітэту ёсць злачынства, за якое трэба несці адказнасць.

Адна з нашых галоўных мэт - гэта абарона незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, таму патрабуем ад парламентарыяў Нацыянальнага сходу распрацаваць і прыняць закон аб увядзенні адказнасці за адмаўленне ў існаванні незалежнай Рэспублікі Беларусь, нашай нацыі і нашай роднай мовы. Таксама звяртаемся да ўсіх патрыётаў з просьбай падтрымаць дадзены закон і ўсякімі спосабамі спрыяць яго прыняццю.

Партыя БНФ, да якой мы належым, прапаноўвала такі крок яшчэ ў сваёй перадвыбарчай платформе-2016, і час падцвердзіў, што гэта неабходная і слушная рэч.

Разам з тым, хацелася б яшчэ раз звярнуць увагу беларускіх уладаў на тое, да чаго прывяло 20-ці гадовае змаганне з прабеларускімі сіламі. Мы лічым, што зараз настаў той час, калі дзеля захавання нашай краіны трэба падтрымаць незалежніцкую моладзь, а не саджаць яе і выпісваць штрафы. Таму заклікаем перагледзіць сваё стаўленне да прабеларускіх сіл, а таксама надаць вялікую ўвагу выхаванню беларускіх дзяцей і моладзі. Трэба як мага хутчэй пачаць выхаванне моладзі ў прабеларускім накірунку, каб гэта больш спрыяла ўзмацненню нашай незалежнасці і суверэнітэту!

Заява Рады Моладзі БНФ
Made on
Tilda