Моладзь БНФ сканчвае другі этап кампаніі #Геніюш2016 і засноўвае прэмію імя Ларысы Геніюш

У сярэдзіне лета 2016 года мы запусцілі кампанію за рэабілітацыю выбітнай паэткі і прадстаўніцы беларускай нацыі Ларысы Антонаўны Геніюш.

За гэтыя паўгады нашы актывісты сабіралі ў розных гарадах подпісы пад зваротам аб рэабілітацыі, ладзілі тэматычныя пікеты, раздавалі ўлёткі з вершамі, рабілі вечарыны памяці ў розных гарадах, наведвалі мясціны, дзе правяла апошнія гады жыцця Ларыса Антонаўна, а таксама арганізавалі электроны збор подпісаў за рэабілітацыю.

За гэты час мы сабралі каля 1500 подпісаў на вуліцах, а таксама звыш 400 подпісаў пад электронай петыцыяй. Учора да Вярхоўнага суда РБ і Генпракуратуры адправіліся электроныя подпісы, а сёння мы адправілі частку подпісаў, якія мы сабралі на вуліцах.

За гэты час мы паразмаўлялі з вялікай колькасцю людзей на вуліцы, распавялі пра жыццё і дзейнасць Ларысы Геніюш, выйшла шмат артыкулаў пра гэтую кампанію і саму Ларысу Антонаўну як у нашых СМІ, так і замежных. У цэлым людзі рэагавалі станоўча, падтрымлівалі і жадалі поспехаў, але, на жаль, не ўсе ведалі хто гэта, асабліва маладыя людзі. Дык узнікае пытанне да чыноўнікаў міністэрства адукацыі, мо варта аднавіць вывучэнне творчасці Ларысы Геніюш?

Мы лічым, што творчасць Ларысы Антонаўны – гэта наш агульны нацыянальны скарб, які мы павіны паважаць, шанаваць і захоўваць. Нягледзячы на першы адказ уладаў (а мы не проста так паслалі частку подпісаў) мы і надалей працягнем нашу кампанію ў іншым фармаце – летнік і прэмія імя Ларысы Геніюш.

Зараз "мяч" на баку ўладаў. Мы спадзяемся, што там таксама шануюць творчасць выбітнай паэткі Беларусі, якая вядомая не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі, і зробяць усё, каб Ларыса Антонаўна была рэабілітаваная. Гэтая ўлада ня можа лічыцца сапраўды беларускай, пакуль не рэабілітаваная Ларыса Геніюш.

У сваю чаргу мы зробім штогадовы летнік у гонар Ларысы Геніюш на малой Радзіме на Зэльвеншчыне, а таксама аб'яўляем пра заснаванне прэміі для маладых паэтаў імя Ларысы Антонаўны.
Ларыса Геніюш (1910-1983) — беларуская паэтка, пісьменьніца, дзяячка нацыянальнага руху. Была арыштаваная 5 сакавіка 1948 году органамі МДБ у Чэхаславаччыне, з кастрычніка 1948 году знаходзілася ў турме ў Менску. 7 лютага 1949 году Ларысу Геніюш асуджаюць на 25 гадоў зьняволеньня паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу БССР нумар 66 i 76, прынятых яшчэ ў 1926 годзе. Фармулёўкі гэтых артыкулаў: «контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасьць» i «дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыцьцяўленьні варожай дзейнасьці».

У 1956 годзе тэрмін пакараньня зьмяншаюць да 8 гадоў, і яе вызваляюць. Пасьля вызваленьня доўгі час творчасьць паэткі была пад забаронай. Толькі ў 1967 годзе быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш.
Made on
Tilda