Моладзь БНФ стварае сваю культурную пляцоўку

Актывісты Моладзі БНФ падалі дакуманты ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю моладзевага культурна-асветніцкага аб'яднання "Моладзь Адраджэння".

"Мы вырашылі стварыць сваю, так бы мовіць, культурную пляцоўку, бо мы робім даволі шмат культурных і адукацыйных рэчаў і жадалі б вывесці іх на больш якасны ўзровень."Моладзь БНФ" - гэта ўжо палітычны брэнд і частка арганізацый ды ўстановаў баіцца супрацоўнічаць з намі ў любых накірунках, таму паспрабуем пайсці такім шляхам" – кажа кіраўнік Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.

Таксама гэта з'яўляецца своеасаблівай "лакмусавай паперкай" для ўладаў, бо апошнім часам яны заяўляюць пра падтрымку Беларушчыны, беларускай культуры, гісторыі, мовы. У той жа момант яны рэгіструюць адкрыта прарасейскія арганізацыі, такія як "Румол". Дык ці пойдзе ўлада на тое, каб зарэгістраваць патрыятычную прабеларускую арганізацыю?

У сваю чаргу, маладыя актывісты лічаць, што афіцыйны статус ім дапаможа больш пашыраць Беларушчыну, папулярызаваць беларускую культуру, гісторыю, мову, прасоўваць ідэі і мэты "Моладзі БНФ". У той жа момант новая арганізацыя не ставіць сабе палітычную мэту і не збіраецца дзейнічаць у гэтым накірунку.

Калі ўлада падцвердзіць сапраўднасць сваіх словаў пра спрыянне беларускаму нацыянальнаму адраджэнню і дасць нам афіцыную рэгістрацыю, то мы выкарыстаем афіцыйны статус на ўсю моц і будзем рабіць больш культурных, адукацыйных праектаў па ўсё краіне, працаваць з новымі арганізацыямі і людзьмі. І, безумоўна, незалежна ад таго, ці атрымае "Моладзь Адраджэння" рэгістрацыю, мы і надалей працягнем нашу актыўнасць і будзем прасоўваць ідэі і мэты "Моладзі БНФ".
Made on
Tilda