Моладзь БНФ за выкладанне гуманітарных навук
па-беларуску!
У пачатку 2015 году міністр адукацыі заявіў:
"Ёсць пэўны пералік прадметаў, якія, без сумневу, неабходна выкладаць на беларускай мове. Таму што трэба разумець родную мову, і казаць пра гісторыю Беларусі на іншай мове — няправільна. Такое нашае меркаванне, і мы гэта ўвядзем", — сказаў Жураўкоў.

Але далей заяў гэта не пайшло і дагэтуль выкладанне гісторыі Беларусі, геаграфіі, грамадазнаўства вядзецца на дзвюх мовах (пераважна па-руску). Пачынаючы з 2006 года шматлікія грамадскія, палітычныя арганізацыі (у тым ліку і наша) дамагаюцца выкладання гуманітарных навук па-беларуску, але, на жаль, гэтыя намаганні былі марнымі.

З 1991 года нашая краіна сталася незалежнай і ўжо зараз, у 2016 годзе, нармальны, адукаваны чалавек не будзе аспрэчваць, што існуе такая краіна як Рэспубліка Беларусь. Але ці можа быць краіна цалкам незалежнай, калі такая важная галіна, як адукацыя, ажыццяўляецца пераважна па-руску?!
Мы разумеем, што моўнае пытанне вельмі складанае ў нашай краіне, і не жадаем выклікаць гэтай кампаніяй яшчэ большае непаразуменне паміж грамадзянамі нашай краіны, таму заклікаем да паступовага, але хуткага пераходу на выкладанне гуманітарных навук па-беларуску.

Мы лічым, што выкладанне гуманітарных навук (такіх як сусветная гісторыя, гісторыя Беларусі, геаграфія, грамадазнаўства) дапаможа развіццю беларускай мовы, умацаванню беларускай незалежнасці. Выкладанне па-беларуску некаторых дысцыплін дапаможа выхоўваць сапраўдных патрыётаў Беларусі, сапраўдных грамадзян сваёй краіны, якія будуць адданыя ёй і зробяць нашмат больш для яе развіцця.

Таксама мы разумеем, што гэта складана з фінансавага пункту гледжання, але калі пачаць ужо зараз, то праз некалькі год можна цалкам перайсці на выкладанне гэтых дысцыплін па-беларуску. Не трэба казаць, што няма грошай і г.д., мы кожны год сплочваем падаткі, аплочваем падручнікі, таму за некалькі год перайсці цалкам магчыма.
З гэтага дня мы пачынаем збор подпісаў за выкладанне гуманітарных навук па-беларуску і спадзяемся на паразуменне з боку ўладаў, бо ў гэтым пытанні мы не ворагі і спадзяемся, што вы таксама жадаеце, каб беларуская мова больш развівалася і нашая незалежнасць умацоўвалась. Мы можам быць і саюзнікамі, мы гатовы са свайго боку дапамагчы ў правядзенні круглых сталоў з настаўнікамі, бацькамі, вучнямі, дапамагчы ў правядзенні інфармацыйнай кампаніі і г.д. Заклікаем да дыялогу, а не канфрантацыі.

Таксама звяртаемся да новаабраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання, заклікаем вас падтрымаць нашу ініцыятыву і ўнесці змены ў заканадаўства, каб замацаваць дадзеную ініцыятыву ў законе.

І канешне, мы гатовыя да супрацоўніцтва з рознымі грамадскімі, палітычнымі арганізацыямі, гатовыя выслухаць розныя думкі па ўдасканальванню гэтай ініцыятывы і прыняць любую дапамогу для таго, каб ініцыятыва не проста прагучала, а ўвайшла ў паўсядзённае жыццё беларускіх школьнікаў і студэнтаў.
Made on
Tilda