Моладзь БНФ заклікае спыніць рэпрэсіі супраць палітычных актывістаў Рэспублікі Беларусь
Апошні месяц у многіх гарадах Рэспублікі Беларусь адбываюцца шматлюдныя мірныя масавыя прэтэсты супраць эканамічнай і палітычнай палітыкі дзеючай улады. Замест таго, каб пачуць пратэстуючых і пачаць перамовы з апазіцыяй, улада павярнулася да старых метадаў і пачала выкарыстоўваць рэпрэсіі.

За апошнія 10 дзён адбылося больш за 70 затрыманняў, шмат з якіх скончыліся незаконнымі прысудамі і арыштамі на 15 сутак. За кратамі знаходзяцца многія лідэры апазіцыі і дэмакратычнага руху. Таксама мы адзначаем той факт, што ціск зведваюць і прадстаўнікі незалежных СМІ і блогеры. Журналістаў затрымліваюць, выпісваюць штрафы, пагражаюць арыштамі.

На жаль прыходзіцца канстатаваць той факт, што за апошнія 10 дзён каля 15 прадстаўнікоў нашай моладзевай арганізацыі "Моладзь БНФ" атрымалі пагрозы пра адлічэнне з боку адміністрацыі вучэбных устаноў, а таксама прадстаўнікі іншых дэмакратычных арганізацый атрымоўваюць такія пагрозы, шмат хто атрымлівае штрафы па выдуманным прычынам(перайшоў дарогу ў забароненым месцы, лаяўся матам і г.д.).

Аднак акрамя гэтага ціснуць таксама і на шкаляроў, студэнтаў, працоўную моладзь. Маладых людзей, у асаблівасці палітычных актывістаў, палохаюць адлічэннем, праблемамі на працы ў бацькоў, спецслужбамі і ваеннай службай. Маладых актывістаў запужваюць напярэдадні масавай акцыі пратэсту, якая адбудзецца 25 сакавіка.

Мы, актывісты моладзевай арганізацыі "Моладзь БНФ" патрабуем ад беларускіх улад спыніць ціск і пераслед палітычных актывістаў, таксама звяртаемся да сусветнай грамадскасці з просьбай звярнуць увагу на факты палітычных рэпрэсій у Рэспубліцы Беларусь, даць сваю адзнаку рэпрэсіям і асудзіць іх, зрабіць усё магчымае для іх супынення, падтрымаць дэмакратычную супольнасць Беларусі і ў выпадку працягу рэпрэсій увесці санкцыі супраць тых, хто мае непасрэднае дачыненне да рэпрэсій і ўдзельнічае ў іх.

РАДА МОЛАДЗІ БНФ, 14 САКАВІКА 2017
Made on
Tilda