Пачаўся апошні этап кампаніі за рэабілітацыю Ларысы Геніюш

Ларыса Антонаўна Геніюш, беларуская паэтка, пісьменніца і грамадзкі дзеяч, добра вядомая ў Беларусі і за мяжой, была рэпрэсавана ў 1949 годзе, і дагэтуль не рэабілітавана. Яе творы, прасякнутыя любоўю да беларускага народа і Беларусі, нават выключаныя са школьнай праграмы. І гэта не кажучы пра тое, каб стаць нацыянальным здабыткам суверэннай Рэспублікі Беларусь!

Імя паэтэсы Ларысы Геніюш у гісторыі беларускай літаратуры стаіць поруч з імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі. Пра высакароднасць яе думак і пачуццяў сведчаць яе кнігі "Невадам з Нёмана" (1967), "На чабары настоена" (1982), "Выбраныя творы" (2000, класічная серыя "Беларускі кнігазбор"), "Каб вы ведалі" (2005). Па матывах яе аўтабіяграфічнай кнігі «Споведзь» на кінастудыі «Беларусьфільм» зняты мастацкі фільм «Птушкі без гнёздаў», пастаўлены спектакль «Белы сон». На студыі «Летапіс» пра яе зняты дакументальны фільм «Вянок цярновы васількоў». У раённых цэнтрах Зэльва і Старыя Дарогі пастаўлены помнікі Ларысе Геніюш.

Аднак, пры гэтым усім, яна не з'яўляецца прызнанай беларускай паэткай, яе рэабілітацыя так і не праведзена. Не ладзяцца афіцыйныя святочныя імпрэзы, прысвечаныя яе памяці, яе творы не вывучаюць у школах. Паэтка прайшла складаны шлях пры жыцці, але і пасля смерці не знаходзіць свайго месца ў роднай краіне.

Ларыса Геніюш, ураджэнка хутара Жлобаўцы Ваўкавыскага павета, у перыяд масавых рэпрэсій у 1937 г. была вымушана з'ехаць з Беларусі ў Прагу да мужа. Стала грамадзянкай Чэхаславакіі, але па патрабанні ўрада СССР ў 1948 годзе яе незаконна пазбавілі грамадзянства, дэпартавалі ў БССР і несправядліва асудзілі. На судовым паседжанні Геніюш тлумачыла: «Усё, што я пісала, артыкулы, вершы, не насіла характару антысавецкага, я любіла толькі народ і пісала толькі для беларускага народа».

Не выклікае сумнення, што Ларыса Геніюш, з прычыны выхавання і асабістага атачэння, была патрыятычна настроеная ў адносінах да Беларусі.

Такім чынам, Ларыса Геніюш падлягае рэабілітацыі у адпаведнасці з пастановай Верхоўнага Савета Республики Беларусь "Аб парадку рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій 20-80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь" ад 06.06.1991 г.

Заклікаем усіх неабыякавых людзей, якія паважаюць памяць нашай зямлячкі, падтрымаць кампанію!

Для таго, каб падтрымаць кампанію, запоўніце, калі ласка, абавязковыя палі і націсніце "Адправіць". Вашы кантактныя дадзеныя будуць прымацаваныя да калектыўнага звароту і накіраваныя праз электронную форму, размешчаную на сайтах дзяржаўных органаў.

Падпісацца за рэабілітацыю можна тут: http://zvarot.by/be/za-reabilitacyyu-geniyush-larysy-antonahttpzvarot-bybeza-reabilitacyyu-geniyush-larysy-antonayny/
Прысудам судовай калегіі Вярхоўнага Суда БССР у 1949 годзе Ларыса Геніюш была прызнана вінаватай і асуджана па артыкулах Крымінальнага кодэкса БССР "дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыццяўленні варожай дзейнасці супраць СССР" і "контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасць" да 25 гадоў пазбаўлення волі ў папраўча-працоўных лагерах. Дзякуючы добрым паводзінам ў лагеры і добрасумленным адносінам да працы тэрмін пакарання атрымалася зменшыць да 8-мі гадоў, але да канца жыцця Ларыса Геніюш была вымушана жыць у г.п. Зельва Гродзенскай вобласці пад наглядам КДБ.
Made on
Tilda