Моладзь БНФ vs Захад-2017

На восень 2017 года запланаваныя вялікія беларуска-расейскія вучэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з вялікай колькасцю расейскіх ваенных, а таксама вялікай колькасцю ваеннай тэхнікі. Мы, актывісты Моладзі БНФ, занепакоеныя гэтымі планамі і прыкладзем усе намаганні, каб дамагчыся адмены гэтых вучэнняў.

У 18 артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што Рэспубліка Беларусь "у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай".

Мы лічым, што дадзеныя вучэнні не пойдуць на карысць нашай дзяржаве ў той цяжкай эканамічнай сітуацыі, ў якой мы апынуліся, а таксама створаць дадатковую напружанасць у рэгіёне. За мінулыя некалькі гадоў пуцінская Расея прадэманстравала, што не лічыцца з інтарэсамі сваіх суседзяў, з нормамі міжнароднага права, адкрыта ўжывае свае ўзброеныя сілы на тэрыторыі іншых дзяржаў дзеля рэалізацыі імперскіх амбіцый крамлёўскага кіраўніцтва. Расея сёння відавочна з'яўляецца донарам нестабільнасці ў рэгіёне, ваюе з Украінай, у Сірыі.
Мы не жадаем, каб у гэтай сітуацыі Расея ўцягвала нас у свае агрэсіўныя мілітарыскія гульні і таму заклікаем Прэзідэнта і ўрад Рэспублікі Беларусь адмяніць запланаваныя вучэнні "Захад-2017", якія прадугледжваюць перадыслакацыю на тэрыторыю нашай краіны для ўдзелу ў вучэннях тысячаў вайскоўцаў ды вайсковай тэхнікі арміі РФ, каб не павышаць напружанасць у рэгіёне і не ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь. Мы заклікаем таксама скіраваць тыя сродкі, якія плануецца выдаткаваць на правядзенне вучэнняў "Захад-2017" на падвышэнне абароназдольнасці беларускай арміі праз распрацоўку і выраб новых сучасных відаў узбраення, што будзе найбольш эфектыўна спрыяць умацаванню незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Са свайго боку мы заклікаем моладзь Беларусі аб'ядноўвацца дзеля абароны нашай незалежнасці і дзяржаўнага суверэнітэту, толькі разам мы зможам абараніць сябе. Мы таксама аб'яўляем пра пачатак збору подпісаў супраць вучэнняў "Захад-2017", якія плануем перадаць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Таксама ў межах гэтай кампаніі мы плануем падаць заяўкі на правядзенне антываенных пікетаў ва ўсіх гарадах Беларусі. Калі ўлада не пачуе нас, то ў канцы траўня мы правядзем антываенны мітынг у цэнтры Мінска.
Прэс-служба Моладзі БНФ
Made on
Tilda