У Мінску адбыўся рэспубліканскі кангрэс Моладзі БНФ

У Мінску адбыўся рэспубліканскі кангрэс Моладзі БНФ, які сабраў прадстаўнікоў з розных гарадоў Беларусі, каб паразмаўляць пра стан арганізацыі, дасягненні і праблемы за апошні год, абмеркаваць будучую дзейнасць арганізацыі, а таксама вырашыць унутраныя пытанні.

На кангрэс прыбыла больш за 30 чалавек розных узростаў з розных гарадоў Беларусі. На пачатку кангрэсу маладыя актывісты пазнаёміліся паміж сабой і хутка перайшлі да абмеркавання стану арганізацыі, дасягненняў і праблемаў за апошні год. Абмеркавалі плюсы і мінусы ў працы арганізацыі, а таксама магчымасці далейшага развіцця. Было вырашана, што арганізацыя зрабіла вялікі крок для адраджэння, пабудовы сваіх структур і далучэння большай колькасці моладзі. Але відавочна, што гэтага не дастаткова і арганізацыя павінна больш умацоўвацца і рабіць акцэнт на рэгіёны. Таксама было вырашана правесці рэгіянальныя канферэнцыі па абласцях для ўзмацнення сваіх структур, абмеркавання магчымых акцый і кампаній у рэгіёнах. Потым актывісты перайшлі да абмеркавання рэспубліканскай дзейнасці і планавання агульнаарганізацыйных кампаній. Было прызнана, што трэба пакінуць маленькія лакальныя акцыі, кінаночы, настолкі, моўныя клубы, але разам з гэтым займацца агульнарэспубліканскімі кампаніямі, якія будуць напраўленыя на інтарэсы і праблемы моладзі і абарону яе правоў. Былі прапанаваныя і зацверджаныя кампаніі розных накірункаў, такія як экалагічныя, дабрачынныя, спартовыя, культурніцкія і адукацыйныя. Разам з тым маладыя актывісты вырашылі, што арганізацыі важна ўзмацніць палітычны накірунак. Была прапанавана і прынята моладзевая кампанія 2020, якая ўключае ў сябе мясцовыя выбары 2018 года, парламенцкія і прэзідэнцкія 2020 года. Каб не адцягваць рэалізацыю гэтай ідэі, было вырашана правесці рэгіянальныя сходы па падрыхтоўке да мясцовых выбараў 2018 года, распрацоўке ідэй і плана кампаніі 2020 і пачаць фармаваць спіс кандыдатаў на мясцовыя выбары 2018 года, якія пойдуць ад Моладзі БНФ са сваёй праграмай.

Актывісты ў цэлым засталіся задаволенымі дзейнасцю арганізацыі, але было вырашана, што яшчэ ёсць шмат пытанняў, над якімі трэба працаваць, каб больш узмацніцца і аб'яднацца ўнутры арганізацыі, стаць магутнай моладзевай сілай, якая разам з Партыяй БНФ зможа дасягнуць сваіх мэт і задач і здабыць перамогу. Жыве Беларусь!
Made on
Tilda