Заява Рады Моладзі БНФ

Наш рух існуе амаль 30 гадоў. У шэрагах БНФ знаходзіліся і знаходзяцца найлепшыя прадстаўнікі нашай краіны. Можна пералічыць нямала імёнаў, але зараз хочацца асабліва адзначыць такіх знакамітых прадстаўнікоў Фронту, як Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў – выбітныя творцы, якія праславілі нашу радзіму на ўвесь свет і якіх, на жаль, ужо няма з намі. Увесь час нашага існавання нас спрабавалі ачарняць, але гэтыя спробы заўжды былі і будуць марнымі.

У той час, як некаторыя не вельмі адукаваныя людзі дазваляюць сабе абражаць памяць годных сыноў Беларусі, мы застаемся згуртаваннем сапраўдных беларускіх інтэлігентаў, якія ведаюць і шануюць гісторыю і культуру сваёй радзімы.

Заклікаем усіх патрыётаў узгадаць творчасць Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна і, далучыўшыся да нашага флэшмоба, цытаваць яго вершы ў сваіх сацыяльных сетках з хэштэгам #ДзядзькаРыгор. Канешне, заклікаем вас чытаць і памятаць не толькі сёння, не толькі ў інтэрнэце і творы не толькі Рыгора Барадуліна, але і іншых славутых песняроў нашай нацыі.

P.S. Звяртаемся таксама да хлопца, якому не пашчасціла з бацькам: шаноўны дружа! Запрашаем цябе прыйсці ў офіс нашай арганізацыі і атрымаць у падарунак зборнік вершаў Рыгора Барадуліна. Мы шчыра жадаем, каб ты быў адукаваным і не паўтараў памылак бацькоў.
Made on
Tilda