#Геніюш2016
Моладзь БНФ працягне кампанію #Геніюш2016
#Геніюш2016 - гэта кампанія Моладзі БНФ па рэабілітацыі беларускай паэткі, грамадскай дзяячкі і выбітной беларускі Ларысы Геніюш.
#Геніюш2016 - гэта кампанія Моладзі БНФ па рэабілітацыі беларускай паэткі, грамадскай дзяячкі і выбітной беларускі Ларысы Геніюш.

Зусім нядаўна Моладзь БНФ атрымала адказ ад генпракуратуры РБ на пісьмовае патрабаванне рэабілітаваць Ларысу Геніюш: «Геніюш Л.А. прызнана не падлягаючай рэабілітацыі», але гэты адказ не спыніць актывістаў.

Як мы і заяўлялі раней, кампанія #Геніюш2016 трансфармуецца ў больш глабальную і будзе ўключаць патрабаванне пра адкрыццё ўсіх архіваў рэпрасаваных за савецкія часы і перагляд справаў з мэтай рэабілітацыі ўсіх нявінна растраляных ці асуджаных савецкай уладай, але разам з тым сама кампанія #Геніюш2016 працягне сваё жыццё.

Мы доўга думалі, ці варта пасля ўсіх паразаў працягваць гэтую кампанію і ці ўвогуле патрэбна рэабілітацыя Ларысы Геніюш, і прыйшлі да высновы, што працягваць кампанію варта, але трэба змяніць першасную мэту. На дадзеным этапе мэтай кампаніі #Геніюш2016 будзе папулярызацыя творчасці Ларысы Антонаўны і годнае ўшанаванне яе памяці. На жаль, нават пасля атрымання незалежнасці, беларускія ўлады робяць усё, каб задушыць беларушчыну і таму не дзіўна, што не шмат беларусаў ведаюць, хто такая Ларыса Геніюш у той момант, калі яе ведае палова свету. Таму дадзеная мэта вельмі важная, каб імя Ларысы Геніюш назаўсёды замацавалася ў памяці беларусаў, і ніякія "месцячковыя чыноўнічкі" не змогуць перашкодзіць гэтаму.

Ужо з сённяшняга дня пачаўся збор подпісаў за наданне адной з вуліц горада Мінска і гарадскога пасёлка Зэльвы імя Ларысы Геніюш. Актывісты плануюць збіраць подпісы на працягу месяца, пасля чаго яны будуць перададзеныя ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Збор подпісаў вельмі важны і для таго, каб больш распавесці пра Ларысу Антонаўну і яе творчасць беларусам усіх узростаў. Таксама падчас збору подпісаў будуць раздавацца ўлёткі з яе вершамі і кароткай біяграіяфіяй.

Разам з тым мы працягнем займацца папулярызацыяй творчасці Ларысы Геніюш. У 10 гарадах адбудуцца паказы кінафільма пра жыццё і змаганне Ларысы Антонаўны "Няскораная", а таксама ў след за Мінскам адбудуцца раздачы адмысловых улётак і ў іншых гарадах. У той жа момант мы працягнем патрабаць годнага ўшанавання памяці і ад мясцовых уладаў, каб былі праведзены вечары памяці Ларысы Антонаўны ў мясцовых бібліятэках і школах.

Ларыса Антонаўна Геніюш назаўсёды заняла заслужанае месца ў беларускай літаратуры, але ці зможа заняць заслужанае месца ў народнай памяці? Гэта і ёсць наша з вамі задача на бліжэйшы час – абудзіць народную памяць не толькі пра Ларысу Геніюш, але і пра ўсіх выбітных прадстаўнікоў нашай нацыі, бо калі мы не зможам гэтага зрабіць, мы не толькі згубім памяць пра Ларысу Антонаўну і іншых выбітных прадстаўнікоў, мы згубім нацыю!

Распавядзі пра кампанію сябрам
Made on
Tilda