Моладзь БНФ супраць манаполіі БРСМ
Мы, актывісты Моладзі БНФ, вымушаны канстатаваць той факт, што БРСМ з'яўляецца поўным манапалістам у сферы моладзевай палітыкі і моладзевым рупарам дзяржаўнай прапаганды, а не арганізацыяй, якая прадстаўляе інтарэсы беларускай моладзі. Таксама, на жаль, мы канстатуем той факт, што незалежныя моладзевыя арганізацыі не маюць доступа да ВНУ і школ, што вельмі істотна абмяжоўвае іх працу.

Хочацца нагадаць дзяржаўным ідэолагам, чым скончылася манаполія КПСС. Калі мы разам не зможам пераглядзець моладзевую палітыку Рэспублікі Беларусь, калі вы не зможаце пачуць голас беларускай моладзі, якія з'яўляюцца сябрамі розных альтэрнатыўных моладзевых арганізацый, то гэта можа прывесці да вялікіх наступстваў. Таму мы патрабуем ад уладаў РБ наступнае:

1) Спыніць манаполію БРСМ у сферы моладзевай палітыкі.

2) Даць роўны доступ усім моладзевым арганізацыям да ВНУ і школ.

3) Спрасціць рэгістрацыю моладзевых арганізацый.

4) Пераглядзець палажэнне пра моладзевую палітыку з удзелам усіх зацікаўленых арганізацый.

У сваю чаргу мы звяртаемся да беларускіх студэнтаў і школьнікаў, каб нагадаць, што ніводны чалавек не можа вас прымусіць уступаць у грамадскіх арганізацыі, а тым больш пагражаць адлічэннем, і/ці пазбаўленнем інтэрната з-за вашай адмовы.

Калі вы сутыкнуліся з супрацьпраўнымі дзеяннямі, то мы гатовы дапамагчы вам пазбавіцца ціску ад праўладных арганізацый. Таксама, калі вас зацягнулі ў грамадскія арганізацыі супраць вашай волі ці без вашага ўдзелу, то звяртайцеся да нас і мы дапаможам вам выйсці з іх(так, так, гэта магчыма) на падставе іх жа статута.

Больш альтэрнатывы моладзі Беларусі! За свабоду выбару!
Made on
Tilda