Студзеньскае паседжанне Рады Моладзі БНФ

7 студзеня 2017 года Рада Моладзі БНФ сабралася на сваё першае паседжанне, каб абмяркаваць стан арганізацыі, а таксама вызначыцца з прыярытэтнымі мэтамі на 2017 год і планам дзейнасці на бліжэйшы год.

На пачатку паседжання прадстаўнікі рэгіянальных суполак выказаліся пра праблемы арганізацыі ў іх гарадах, а таксама распавялі якім чынам іх можна вырашыць, што патрабуецца зрабіць дзеля гэтага і якія мэты патрэбна паставіць арганізацыі. Далей Рада Моладзі БНФ пачала абмяркоўваць прапановы і выбудоўваць свае першапачатковыя стратэгічныя мэты на 2017 год. Такім чынам мы маем наступнае:

1) Захаванне і ўмацаванне незалежнасці і дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
2) Гуртаванне і аб'яднанне нацыянальна-дэмакратычнай моладзі вакол Моладзі БНФ для стварэння моцнага моладзевага руха
3) Абарона правоў і інтарэсаў беларускай моладзі
4) Дасягнуць колькасці сябраў арганізацыі да 1200
5) Пашырыць сваю прысутнасць у сацыяльных сетках
6) Правесці 200 мерапрыемст па ўсёй краіне
7) Пашырыць сваю прысутнасць у міжнародных моладзевых аб'яднаннях

Далей сябры Рады Моладзі прынялі заяву пра бязвізавы рэжым для грамадзянаў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ды Еўрапейскага Звяза. Мы лічым, што такія меры дапамогуць больш адкрыць нашу краіну для замежнікаў, павялічаць культурны абмен, паспрыяе большаму супрацоўніцтву паміж Беларуссю і ЕЗ. Заява пра бязвізавы рэжым для грамадзянаў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ды Еўрапейскага Звяза была прынята адзінагалосна.

Наступным пунктам парадку дня стала кампанія 20/20. Кампанія 20/20 абядноўвае ў сябе мясцовыя выбары 2018, парламенцкія і прэзідэнцкія 2020. Моладзь БНФ прыме у гэтым самы актыўны ўдзел, каб распаўсюдзіць як мага шырэй свае мэты, знайсці новых прыхільнікаў, збудаваць моцную арганізацыю і дзеля таго, каб перамагчы!

Пасля Рада Моладзі БНФ пачала абмяркоўваць і планаваць дзейнасць на 2017 год. Было вырашана аб'явіць 2017 год – годам Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), а 2018 – годам БНР (у 2018 – 100 год БНР). Амаль усе мерапрыемствы, кампаніі, акцыі Моладзі БНФ будуць звязаны з ВКЛ і асноўная ідэя гэтай вялікай кампаніі – звярнуць увагу моладзі на нашу багатую гісторыю, паказаць, што наша гісторыя пачынаецца не з 1917 года, а значна раней. Што мы краіна, якая калісьці заснавала адну з магутнейшых краін Еўропы і што мы па праву з'яўляемся спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага.

У межах гэтай кампаніі вас чакаюць шмат цікавых і забаўляльных імпрэз, акцый, маленькіх і вялікіх кампаній, а таксама шматлікія сустрэчы з цікавымі людзьмі, гісторыкамі, экскурсія па мясцінах ВКЛ, круглыя сталы, крэатыўныя вулічныя акцыі, шматлікія інтэрнэт акцыі, выхад сучаснага і цікавага сайта пра ВКЛ і ютуб-канала пра Вялікае Княства Літоўскае і шмат іншых цікавых рэчаў.

Заклікаем вас далучыцца да дзейнасці Моладзі БНФ. Разам мы зможам зрабіць больш!
Made on
Tilda