Ці будзе вуліца імя Ларысы Геніюш у Мінску?
Моладзь БНФ за месяц сабрала больш тысячы подпісаў за наданне адной з вуліц у горадзе Мінску імя Ларысы Геніюш. Сёння гэтыя подпісы будуць перададзены ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў.
"Больш за тысячу подпісаў было сабрана фактычна за 5-6 выхадаў на вуліцу, бо за адзін вечар можна было лёгка назбіраць 200-250 подпісаў. Людзі сапраўды ахвотна падпісваліся. Сярод іх былі як моладзь, так і сталыя людзі. На жаль, шмат хто не ведаў, хто такая Ларыса Геніюш, але ў такіх выпадках мы распавядалі пра яе жыццёвы шлях і творчасць" – кажа актывіст мінскай гарадской арганізацыі Мікалай Логвінаў.

Мікалай Логвінаў
Актывіст мінскай гарадской арганізацыі
"Гэта працяг нашай кампаніі #Геніюш2016. Пакуль нам адмовілі ў рэабілітацыі Ларысы Антонаўны, але мы, нягледзячы ні на што, працягваем гэтую кампанію. На дадзеным этапе мы папулярызуем творчаць Ларысы Геніюш, гісторыю яе грамадскай дзейнасці. Я лічу, такія акцыі сапраўды важныя і патрэбныя, бо, на жаль, пра адну з самых выбітных паэтак Беларусі не даведаешся з падручнікаў. Мы працягваем сваю працу і спадзяёмся на яшчэ большую грамадскую падтрымку кампаніі." – кажа актывістка мінскай гарадской арганізацыі Ганна Смілевіч.

Ганна Смілевіч
Актывістка мінскай гарадской арганізацыі
Сёння подпісы будуць перададзены у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. Паглядзім, што адкажуць нам народныя абраннікі, і ці не праігнаруюць голас больш чым за 1000 грамадзян Рэспублікі Беларусь. Мы лічым, што гэта ўнікальная магчымасць паказаць адносіны мясцовай улады да голасу сваіх выбаршчыкаў, а таксама паказаць сваё стаўленне да беларушчыны. Будзе вельмі сорамна для гарадскіх улад, калі ў Мінску існуюць вуліцы ў гонар бязлікай колькасці камуністычных дзеячаў, а вуліцы для ўшанавання памяці выбітнай паэткі не знойдзецца.
"Нягледзячы на тое, які будзе адказ, кампанія будзе працягвацца. Ужо зараз пачнецца збор подпісаў нашымі актывістамі за вуліцу імя Ларысы Геніюш у Зэльве. Таксама, зараз ідзе распрацоўка конкурсу для маладых паэтаў імя Ларысы Геніюш, плануецца пленэр мастакоў на радзіме паэткі і моладзевы летнік для творчай моладзі ў Зэльве. Разам з тым, мы працягваем пошук варыянтаў для рэабілітацыі Ларысы Антонаўны" – кажа в.а. намесніка старшыні Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.

Дзяніс Мандзік
в.а. намесніка старшыні Моладзі БНФ
"Зразумела, што гэтая рэабілітацыя ўжо не патрэбна Ларысе Антонаўне. Гэтая рэабілітацыя патрэбна ўладзе, бо ў яе ёсць унікальная магчымасць пакаяцца за сталінскія рэпрэсіі. Для нас жа гэтая кампанія стала справай прынцыпу і годнасці. Мы будзем працягваць яе пакуль не дасягнём канчатковай місіі. Ларыса Антонаўна - цудоўны прыклад змагання. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, цяжкасці, яна з годнасцю пражыла сваё жыццё і пакінула нам надзею на тое, што аднойчы мы зможаш прачнуцца ў той краіне, пра якую мы ўсе марым. Ёсць адны цудоўныя словы, якія б я хацеў працытаваць і якія вельмі добра апісваюць вартасць гэтай кампаніі і ўвогуле нашага агульнага змагання: «Спачатку яны цябе не заўважаюць, потым смяюцца над табой, потым змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш.» – кажа кіраўнік Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч

Юрась Лукашэвіч
Кіраўнік Моладзі БНФ
Made on
Tilda